Як сквапнасць дэпутата Бірукова загубіла

20.06 15:45

Чарговае памілаванне карупцыянера, якое як індульгенцыю прадаў Аляксандр Лукашэнка дэпутату Магілёўскага гарсавета Дзмітрыю Бірукову, не выклікала ў народа ўжо аніякага асуджэння. Хутчэй наадварот – маўляў, ну што тыя скрадзеныя Біруковым 11 млн рублёў, калі ён іх вярнуў. Чаго яму нары грэць, за дзяржаўны кошт баланду хлябаць?

Пра тое, што дырэктар КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Дзмітрый Бірукоў ідзе ў дэпутаты, стала вядома напрыканцы зімы 2014 года. Асаблівага здзіўлення такі крок камунальніка, магчыма, нават несвядома падтрымліваўся жыхарамі яго 38-ай Сіманаўскай акругі. Думкі, хутчэй за ўсё, былі такія, – чалавек у камунальным гаспадарстве справу ведае добра, бо нездарма з галоўнага інжынера ЖРЭУ стаў дырэктарам, ведае праблемы ў ЖКГ раёна, няхай будзе мець уладу, каб лягчэй дзіравыя дахі рамантаваліся і яміны на вуліцах латаліся.

Паколькі раней аніякай палітычнай актыўнасці Бірукоў не праяўляў, чым цалкам задавальняў мясцовую вертыкаль, то выявіць яго памкненні і жаданні, з якімі можна было б паспрачацца, магчымасці папросту не існавала. Праўда, калі б супернік Бірукова быў больш дасведчаны ў справах дырэктара, то мог бы паказаць выбарцам, што не надта рупіўся гэты камунальнік на сваім месцы. Як прыклад можна было б узгадаць выпадак, што здарыўся ў снежні 2012 года. Тады на зварот грамадзян аб скавыраным пры ўборцы снега жалезным люку на вуліцы Алтайскай Бірукоў, праяўляючы махровы бюракратызм, параіў ім правільна звароты да яго пісаць, так і пакінуўшы адкрытым камунікацыйны калодзеж.

Падобную абыякавасць да праблем грамадзян і дзяржаўных грошай праяўляў Бірукоў і пасля таго, як стаў дэпутатам. Так, у 2014 годзе жыхару Кастрычніцкага раёна прыйшлося звяртацца ў суд, каб вярнуць свае грошы, патрачаныя на рамонт кранаў халоднай і гарачай вады каля лічыльнікаў, які мусілі бясплатна рабіць камунальнікі. “Вместо 233 650 рублей — стоимости двух кранов и работы по их установке — коммунальникам придется выплачивать вместе с судебными издержками больше 900 тысяч рублей”, - распавядалася тады ў газеце “Вячэрні Магілёў”.

Людзі ўжо прызвычаілся, што камунальнікі скардзяцца на хранічны недахоп фінансаў. Пры захаваным савецкім стылі кіравання ЖКГ грошай там ніколі хапаць не будзе, а ўлады будуць выдумляць усё новыя і новыя падаткі. Праўда, скардзіцца на малую зарплату дырэктару Кастрычніцкага ЖРЭУ Дзмітрыю Бірукову не выпадала. Калі ў 2014 годзе ён ішоў у дэпутаты яго даход за 2013 год склаў 166 774 795 рублёў, што ў сярэднім за месяц крыху менш за 14 млн рублёў. Заробак і па сённяшніх мерках вельмі нядрэнны, а тры гады таму ўвогуле быў на ўзроўні каля 1,5 тыс. долараў.

З такімі грашыма і хлебнай пасадай гарадское дэпутатства для апалітычнага беспартыйнага Бірукова было неблагім прыдаткам. Праўда, абласным дэпутатам у 2014 годзе яму стаць не пашчасціла, але гэта можна лічыць часовай няўдачай. І калі б не сквапнасць, усё б яму ўдалося, і быў бы ён дэпутатам дагэтуль, а не нейкія паўгода.

Бірукова затрымалі ў лістападзе 2014-га. Потым следства выявіла, што ён у 2011-2012 гадах,сістэматычна злаўжываючы службовымі паўнамоцнымі і жадаючы пазбегнуць матэрыяльных затрат, завалодаў таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі свайго ЖРЭУ і незаконна выкарыстоўваў працу падначаленых. Следства налічыла ўрон, які дырэктар нанёс прадпрыемству, у памеры каля 11 млн рублёў.

Аднак доўга за кратамі Бірукоў не затрымаўся. “Ён не аспрэчваў фактаў учынення злачынстваў і цалкам кампенсаваў нанесеную камунальнаму прадпрыемству шкоду”, — цытуе старшага памочніка пракурора Магілёўскай вобласці Алену Шумейку БелаПАН. Дэпутат у 2015 годзе звярнуўся да прэзідэнта Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні і яна была задаволена ў канцы зімы гэтага года. Зразумела, што пры заробку ў 1,5 тыс. долараў у 2013 годзе і не толькі, аддаць 11 млн рублёў у 2015-ым асаблівай праблемы няма. І такім чынам Бірукоў пазбегнуў крымінальнай адказнасці, якая б магла быць да шасці гадоў зняволення са штрафам. Таму дзякаваць “барацьбіта з карупцыяй” Аляксандра Лукашэнку карупцыянер Бірукоў не стоміцца ніколі.