Жыхары м-на “Тэхнапрыбор” дабіліся вяртання прыпынкавага павільёна

26.07 15:22

Новая канструкцыя мусіць быць усталявана не пазней 20 жніўня 2013 года.


Днямі старшыня аргкамітэту жыхароў м-на “Тэхнапрыбор” па вырашэнню мясцовых праблем Аляксей Паўлоўскі атрымаў пісьмовы адказ з магілёўскага гарвыканкама.
У ім намеснік старшыні гарвыканкама сп.Веракса адзначае, што Магілёўскаму дзяржаўнаму камунальнаму ўпраўленню дарожна-маставога прадпрыемства даручана ўстанавіць прыпынкавы павільён на канцавым прыпынку аўтобусных маршрутаў №11 і №29 па Дняпроўскаму бульвару.


На дадзены момант МДКУ дарожна-маставое прадпрыемства пачало працы па ўсталяванні лаўкі на месцы былога прыпынкавага павільёна. Аб тым, калі будуць выкананы працы будзе паведамлена дадаткова.

Аляксей Паўлоўскі лічыць гэта маленькай перамогай жыхароў м-на “Тэхнапрыбор”.

“Ужо зараз на канцавым прынку грамадскага транспарту стаіць прыцягнуты аднекуль павільён. Ён увесь стары і абшарпаны і далёка не такія які быў раней, аднак гэта ўсё ж такі лепей чым нічога. Можна хоць схавацца ад дажджу і прысесці чакаючы аўтобусаў”, - кажа грамадскі актывіст.

Нагадаем, што ў ліпені новы кіраўнік магілёўскага гарвыканкаму Уладзімір Цумараў перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёў загадаў прыбраць з аўтобусных прыпынкаў непрацуючыя шапікі прадпрымальнікаў.

Прадпрымальнікі іх прыбралі разам з прыпынкавымі павільёнамі. У выніку такога распараджэння 16 прыпынкаў грамадскага транспарту засталіся неабсталяваныві для пасажыраў – людзям не было дзе прысесці чакаючы аўтобусаў і немагчыма было схавацца ад дрэннага надвор’я.

Абураны гэтым Аляксей Паўлоўскі сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў жыхароў “Тэхнапрыбора” з патрабаваннем абсталяваць пункт аўтобуснага прыпынку на Дняпроўскім бульвары належным чынам і накіраваў іх у гарвыканкам.

Вітольд Няўрыда